У гэтым нумары - публікацыі ажно да двух важных юбілеяў. Першы - 450-годдзе Люблінскай уніі. Тут мы маем кейс, да якога прывяла «паглыбленая інтэграцыя» і як палітычная эліта кусала локці тады, калі ўжо нічога немагчыма было змяніць.
Другі юбілей - 1000-годдзе Берасця. «Горад, якога няма» — вось што мы паспрабавалі расказаць. Гэта пра архітэктуру Старога Горада, дзе знайсці тыя месцы ў крэпасці і што там можна адбудаваць (дзякуй скрупулёзнасці Аляксандра Невара). Гэта пра мадэрнізм — іншая тэма для экскурсіі ці самастойнай вандроўкі па Берасці (якую можна спалучыць, да прыкладу, з наведваннем гульні брэсцкага «Дынама» — лідара сёлетняга чэмпіянату). А таксама — вельмі незвычайны матэрыял маладога навукоўца Антона Дацкевіча пра былыя прадмесці Брэста. Рэчыца, Вулька, Шпановічы… Аўтар абышоў гэтыя селішчы, вуліцы, запісваючы ўспаміны старых людзей, легенды, мову. І атрымалася вельмі цікава ды захапляльна нават для тых, хто з горадам ніяк асабіста не звязаны.
Алесь Белы гэтым разам напісаў пра «кішку», дакладней, пра дзве кішкі — крывяную і бульбяную, тую, чэмпіянат па смажанні якой праходзіць у Супраслі.
Віталь Чырвінскі адкрывае постаць Караля Прозара. Адзін факт — чалавек ускрыў труну жонкі, каб пакласці ёй паўстанцкія манеты. Глядзі: тваё, наша жыццё, нашы пакуты, тулянні не былі дарэмнымі, наша зямля зноў паўстала.
Аляксей Ластоўскі пераносіць нас у часы грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Роля беларусаў там была розная: асабліва цікавы сюжэт з вывазам залатога запасу краіны ў Маскву. Беларус-дыверсант Арлоўскі перасякаўся з Хемінгуэем, а Фельдзін — ён жа Нікольскі — жахнуў Оруэла.
Сямейныя гісторыі прэзідэнтаў БНР — гэта ўжо асабістае. Абрамчыкі — свая драма, крыўда, схаваны архіў. Вінцэнт Грышкевіч і Раіса Жукоўская — другое каханне, якое стала вялікім. Упэўнены, што вы многіх гісторый не ведаеце. Адкрыеце для сябе другое вымярэнне гісторыі БНР.
Іншыя героі нумара — Стаханаў (і яго жонкі), Апошні вампір (комікс).
І шмат чаго іншага...