Цэнтральны тэкст нумара гэтым разам — нарыс Андрэя Скурко пра караля і вялікага князя нашага Жыгімонта Аўгуста, 500 гадоў з дня нараджэння якога спаўняецца сёлета. І Барбара была яго аднагодкай.
Можа вы не ведалі — гэта быў самы багаты манарх Еўропы свайго часу. Ох і ўмеў чалавек рабіць грошы. Але дынастыя на ім перарвалася, і гэта мела фатальнае значэнне для лёсаў краіны.
На што яшчэ звярнуць вашу ўвагу?
Для мяне было адкрыццём Калоднае — літвінскі астравок у глушы палескіх балот.
Цікавыя паралелі з сённяшнім днём бачацца ў гісторыі падтрымкі Ёсіпа Броз Ціта амерыканцамі.
Класны падарожны рэпартаж Арцёма Гарбацэвіча з Цэнтральнай Азіі, Таджыкістана.
Маладое пакаленне не чула імені Даніэля Артэгі, а гэта таленавіты дэмагог, які — унікальны выпадак — здолеў вярнуцца да ўлады на дэмакратычных выбарах.
Мілы артыкул Аляксандра Белага пра чалавека-мядзведзя, якімі славілася наша бацькаўшчына ў даўнія часы (памятаеце «Локіс» Праспэра Мэрымэ?).
Вежавы гадзіннік на саборы Францішка Ксаверыя ў Гродне, выяўляецца, самы стары з захаваных у Еўропе. Пра гэта піша былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч, які займаўся яго аднаўленнем.
Як заўсёды, грунтоўна піша Сяргей Астанковіч — гэтым разам пра бунт у жамойцкім мястэчку, які натхніў беларускага класіка.
«Разбор карціны» гэтым разам — пра манернага генерала Міхала Казіміра (не блытаць з Клеафасам) Агінскага.
«Я сабе забараняю сюды прыязджаць» — гэта пра Венецыю Андрэй Дзмітранок.
А яшчэ гэта нумар першы, дзе на вокладцы — жанчына.